Як зрабіць афішу для імпрэзы грамадскай арганізацыі?

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, прылады і вэбсэрвісы

Прывітанне, пачынаючым дызайнерам, айці-валанцёрам і актывістам! Сёння я распавяду свой субектыўны досвед, як зрабіць простую, дакладную і прыгожую афішу для мерапрыемства. (Гэта адна з самых частых задач для ініцыятыў).

Стварэнню афішы лёгка навучыцца самому. Для гэтага вам трэба мінімальна навучыцца працаваць з любой графічнай прыладай. Напрыклад, гэта могуць быць прапрыетарныя (несвабодныя) Paint, Adobe Photoshop, Adobe Illustrator, CorelDraw, і свабодныя – Gimp, InkScape, ці, увогуле, іншыя прылады, у якіх есць функцыі імпарту малюнка, напісання тэксту, перасоўвання элементаў, маштабіравання, змены колераў.

Агульныя правілы для элементаў афішы, якія я вынайшла на працягу некалькіх год стварэння афіш у Фаланстэры:

  • Адзін малюнак у добрай якасці, які пойдзе на фон афішы. (Добрая якасць – гэта больш за 1000 пікселаў па доўгай старане малюнка).
  • Назва мерапрыемства.
  • Дата (дзень, месяц, час).
  • Адрас мерапрыемства (калі ён дасяжны публічна і мерапрыемства адкрытае).
  • Кантакты: нумар тэлефону, адрас сайту, е-мэйл (тут вы пазначаеце тыя кантакты, па якіх жадаеце, каб з вамі звязваліся).
  • Магчыма нейкая дадатковая інфармацыя, накшталт: назвы арганізатараў (су-арганізатараў), іх лагатыпы, тэгі і г.д.
Важна тое, каб афіша ўтрымлівала толькі самую галоўную інфармацыю. Не трэба размяшчаць на ёй доўгія апісанні, праграму вашага мерапрыемства, умовы ўдзелу і г.д. Гэтую інфармацыю лепш размясціць у прэс-рэлізе (абвестцы).

Задача афішы – прыцягнуць увагу, прыцягнуць гледача на вашу імпрэзу, і даць самую галоўную інфармацыю. Калі ў вас атрымаецца – глядач палезе далей у абвестку чытаць падрабязнасці.

Пераходзім да практыкі

1. Спачатку я шукаю фонавы малюнак (ці малюю яго сама), астатнія элементы (размяшчэнне тэкстаў, шрыфты) будуць залежыць ад стылю малюнка.
Калі вы бярэце малюнак ці фота – указвайце яго аўтара са спасылкай адкуль бралі.

Як прыклад, мне неабходна зрабіць афішу на кінапрагляд, які адбудзецца на днях. Я ведаю назву фільма і шукаю малюнкі і постары гэтага фільма. Сёння гэта фільм «Расшчэплены». (У адукацыйных мэтах я ўзяла постар з сайту «Кинопоиск»).

2. Далей я пазбаўляюся ад элементаў на малюнку, якія мне не патрэбны – англійскія назвы. (Сёння я не буду апісваць, як можна гэта зрабіць. Скажу толькі, што можна зафарбаваць непатрэбныя кавалкі ці выразаць у растравай графічнай прыладзе).

3. Цяпер я імпартую малюнак і пішу тыя тэксты, якія мне патрабуюцца, пакуль асобна ад малюнка, каб ацаніць колькі тэксту, як і ў якім памеры мне неабходна размясціць. (Я працую ў свабоднай вектарнай прыладзе InkScape).

4. Потым я абіраю шрыфт. Не страшна, калі вы не майстар тыпаграфікі (майстры і настаяшчыя дызайнеры заўсёды будуць троліць па гэтаму поваду), але пастарайцеся падабраць шрыфт, які будзе падыходзіць да малюнка (лічыце, што пакуль вы робіце гэта інтуітыўна).

Тут я абрала шрыфт «PT Sans» і «PT Sans Caption», таму што мне падалося, што рэзкія вуглы шрыфту гарманіруюць з рэзкімі дынамічнымі кантрастнымі лініямі малюнка.

5. Мой любімы прыём кампазіцыі, па якому я размяшчаю тэкст – гэта размяшчэнне ўздоўж прамавугольнай рамкі. Такім чынам, калі абвесці ўсе словы – яны ствараюць нябачную рамку. (У дадзеным выпадку і малюнак уваходзіць у гэтую рамку). У той жа час, некаторыя словы размешчаны ўздоўж ліній малюнка. Гэта дазвяляе ўпісаць словы, якія незручна ўпісваць у рамку.

6. Важна не толькі размяшчэнне тэксту, але і яго, скажам, іерархія. Назва, звычайна робіцца самай вялікай, каб прыцягнуць увагу. Таксама вялікай я раблю дату і час (мне падабаецца, калі дата, месяц і час запісаны асобна, тады яны не зліваюцца ў адзін сплашны тэкст). Адрас, іншыя кантакты і дадатковая інфармацыя робіцца значна меншай.

У гэтай афішы я выкарыстала яшчэ адзін прыём. Тут запісана назва праекту «Кібер Кінабункер 5.1» і назва самаго фільму «Расшчэплены». Каб гэтыя назвы не зліваліся і не канкуравалі паміж сабой, я раблю іх рознымі колерамі. (Пры чым другім колерам я абіраю – цемна-аранжавы, таму што гэты колер ужо прысутнічае на малюнку).

Старайцеся не выкарыстоўваць больш за 2 віда шрыфтоў і не выкарыстоўваць вельмі шмат розных колераў. Трэба быць гуру, каб сумець вельмі прыгожа спалучыць шрыфты, ці розныя адценні. Калі вашы сябры не засыпаюць вас кампліментамі як дызайнера, прытрымлівайце мінімалістычнай стратэгіі.

7. Вось я і зрабіла афішу. Па часу ў мяне сышло каля 1,5 гадзіны (+ – 0,5 гадзіны). Экспартую яе ў памеры 1500 пікселаў па доўгай старане. З такім памерам яна добра падыходзіць для інтэрнэта. (Бывае, я раблю памер менш – 700-900 пікселаў па доўгай старане, калі важна, каб памер малюнка не быў вялікі, але ў той жа час, каб ён добра выглядаў на электронных дэвайсах).

Такім чынам, мы разгледзелі прынцып размяшчэння і іерархіі тэксту і малюнкаў, які грае важную візуальную ролю. Можна пераносіць яго і на іншыя дызайны грамадскай ініцыятывы – постары, візітоўкі, улёткі, улічваючы асаблівасці гэтых прадуктаў.

Вось некалькі іншых прыкладаў афіш зробленых па гэтаму прынцыпу.

З вамі была Энтрапія – кібер_дызайнерка, самавучка, якая робіць візуальны дызайн для Фаланстэра з 2011 года. Іншыя дызайны вы можаце паглядзець на сайце Фаланстэра, ці ў адмысловай групе. Усе яны выкладаюцца пад свабоднымі ліцэнзіямі Creative Commons (BY-SA), а значыць вы іх можаце спампоўваць і пераробліваць для сабе.

П.С. Запрашаю на майстар-клас па свабодных графічных прыладах! 23 красавіка, а 12.00 на базе Фаланстэра я зраблю майстар-клас, як рабіць падобныя афішы ў графічнай прыладзе. Усе тое, што тэхнічна падавалася невядомым, вы зможаце навучыцца рабіць, каб ваша ініцыятыва мела класную візуалізацыю.

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


entrapia on Flickrentrapia on Github
entrapia
entrapia on Flickrentrapia on Github
Дызайнерка, што візуалізуе кібер_мары.
Аматарка опэнсорсу, што каміціць па святах.
Выкладчыца фізікі, што верыць у другі закон тэрмадынамікі.

Адна думка пра “Як зрабіць афішу для імпрэзы грамадскай арганізацыі?

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *