Тры прычыны, чаму Вікіпедыя можа быць карысна грамадскім арганізацыям

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, магчымасці, прылады і вэбсэрвісы

Пра гэту сусветна вядомую крыніцу ведаў шмат хто чуў і чытаў, але мала хто ведае, як ёй карыстацца, тым больш – як карыстацца гэтай анлайн энцыклапедыяй грамадскім арганізацыям.

Блог Лічбавай Майстэрні распачынае серыю пастоў пра тое, якую карысць можа прынесці Вікіпедыя для грамадскіх арганізацый: як выкарыстаць гэты рэсурс для бягучых і стратэгічных патрэбаў арганізацыі, дадаць новую інфармацыю або палепшыць ужо існуючую.

Прычына першая. Сайт, які лёгка знаходзіцца

Кожны хоча мець сваю старонку на сайце, які лёгка знаходзіцца. Вікіпедыя звычайна ў выніках пошукавікоў знаходзіцца дзесці ў самым версе, калі не першая. Таму карыстацеся гэтай добрай уласцівасцю, размяшчаючы артыкул пра сябе ў Вікіпедыі.

Вядома, Вікіпедыя – гэта не месца, дзе вы створаце свой арганізацыйны лэндынг з заклікам да дзеяння. Але і без гэтага тут можна атрымаць процьму магчымасцяў:

  • апісаць не толькі сваю структуру, дзейнасць і гісторыю;
  • закачаць лагатып, стварыць галерэю найбольш важных падзеяў;
  • абазначыць час працы арганізацыі, апісаць найбольш значныя падзеі;
  • ці паставіць спасылку на афіцыйны сайт або паблікі арганізацыі ў сацыяльных сетках.

Гэта спасылка можа прынесці новых валанцёраў, павялічыць кола вашых паслядоўнікаў і сімпатызуючых.

Што можа быць чаканей для грамадскай арганізацыі?

Прычына другая. Пішам гісторыю і робім пастаянны піяр

Кожнай сур’ёзнай арганізацыі не менш значна збіраць сваю гісторыю. А гісторыя фарміруе і культуру арганізацыі, і яе бачнасць, і значнасць для грамадства.

Дык вось, у гэтым пытанні Вікіпедыя, а дакладней – вікі-супольнасць – можа дапамагчы сваімі ўдзельнікамі. Як?

Па-першае, вікіактывісты не прамянуць дадаць пра вашу арганізацыю некалькі спасылак з апісаннем, дзе яна праславілася або як паўздзейнічала на грамадства. Больш за тое, журналісты і даследчыкі пачынаюць свае матэрыялы дысертацый менавіта з Вікіпедыі. Адчуваеце моц піяра?

Па-другое, піяр у Вікіпедыі мае працяглы характар. Адна справа, калі пра вас напісалі СМІ і вестачка патанула ў плыні дня, а іншая – калі вы прысутнічаеце ў інфармацыйнай прасторы пастаянна. Вядома, адно другому не перашкаджае, але ўзмацняе.

Па-трэцяе, інфармацыю ў Вікіпедыю могуць дадаваць неабмежаванае кола ўдзельнікаў. Гэта ў тым ліку значыць, што ваша аб’яднанне пачне карыстацца большым даверам грамадскасці, чым прасеяная інфармацыя з дамашняй старонкі арганізацыі.

Прычына трэцяя. Павялічваем давер і фандрайзінг арганізацыі

Трэцяя (і найбольш значная) плюшка можа прынесці магчымасці дадатковага піяра. Апісваючы сябе ў Вікіпедыі, вы атрымаеце больш празрыстасці, а як вынік – будзе накаплівацца аўтарытэт і стварацца пазітыўны імідж. Не за дзень, канешне, але пару год прысутнасці ў Вікіпедыі павысяць давер з боку вашых прыхільнікаў або новых груп у грамадстве.

Тым больш, перакладаючы свой артыкул на розныя мовы, вы пачынаеце ахопліваць іншыя краіны і замежныя інстытуцыі. Канешне, тут не пералічыць рэпутацыйных плюсаў, але самы адчувальны – вашы фандрайзінгавыя магчымасці таксама могуць падрасці.

Дададзім, што значнай перавагай стварэння і падтрымання сваёй старонкі ў Вікіпедыі з’яўляецца бесперапыннае развіццё айці-кампетэнцый удзельнікаў вашай каманды. Медыя-веды зараз з’яўляюцца асновай для паспяховай дзейнасці.

Падсумуем сказанае

Свой артыкул у Вікіпедыі – гэта стратэгічныя інвестыцыі грамадскай арганізацыі ў доўгатэрміновы піяр, дакументаванне дзейнасці, якія напрацягу шэрагу год будуць акупаць сябе праз павышэнні даверу і яе рэпутацыі ў грамадстве.

У наступным пасце мы зробім аналіз прыкладаў беларускіх арганізацыяў, якія маюць свае старонкі і ўжо збіраюць плады сваёй прысутнасці.

Чытаць яшчэ:

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


ryzomych
рухавік і заснавальнік Фаланстэра. Цікаўлюся сацыятэхнікай, лічбавымі правамі і роварамі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *