Скарб для грамацеяў: агляд сэрвісаў для праверкі правапісу

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, прылады і вэбсэрвісы

Калі вы валанцёр, якому патрэбна перакласці нейкі сайт/тэкст на беларускую мову, або проста зацікаўлены ў граматным напісанні ўласных тэкстаў на беларускай мове, вам будзе карысна азнаёміцца з некаторымі сэрвісамі, дзе можна праверыць арфаграфію (а падчас і пунктуацыю, і тлумачэнне).

Нават калі вы лічыце, што дастаткова граматныя і можаце абыходзіцца без дапамогі якісьці прылад, вы можаце выпадкова дапусціць памылку, а гэтыя беларускамоўныя сэрвісы памогуць вам заўважыць яе.

1. Белазар

Трэба адзначыць, што сайт значна апгрэйдзіўся за невялікі тэрмін. Па-першае, змяніў свой жудасны фіялетавы фон на прыемны белы. Нават арнамент яму дадалі. Па-другое, раней былі скаргі на недакладны пераклад некаторых слоў. Зараз жа такой праблемы не назіраецца. З прыемнага яшчэ можна выдзеліць тое, што, калі вы забыліся дзесьці паставіць коску, Белазар вам намякне на гэта, падкрэсліў некалькі слоў перад тым месцам, дзе яна павінна стаяць (напрыклад, на скрыне бачна, што ён падкрэслівае частку складаназалежнага сказа).

Калі Белазар нейкага слова не ведае, ён сумленна прызнаецца ў гэтым.

Таксама ён заўважыць, калі вы дапусціце памылку, і не перакладзе вам нічога.

Як бачыце зправа, там таксама можна балавацца, пераганяючы тэкст з лацінкі на кірыліцу і наадварот. А калі вы тэкст не надрукуеце, Белазар вас папросіць гэта зрабіць.

 

2. Google translate

Напэўна, няма чалавека, які бы хоць калісьці не карыстаўся гэтым перакладчыкам. Таму ўсе вы ведаеце, што падчас ён выдае, мякка гаворачы, не зусім дакладны пераклад: то ігнаруе склон, то канчаткі незразумелыя нейкія, то словы лішнія, то іх не хапае… Карацей кажучы, ігнаруецца сэнс напісанага. Затое асобныя словы перакладаюцца даволі дакладна.

Як вы ведаеце, тут можна паслухаць вымаўленне беларускамоўных слоў, што з’яўляецца вельмі неблагім дадаткам. А ў мабільным прыкладанні ёсць яшчэ такая функцыя, як пераклад з фота: вы проста фатаграфуеце патрэбны тэкст, а перакладчык, як можа, працуе з ім. Гэтая «плюшка» дапамагла шматлікім школьнікам і студэнтам.

 

3. Skarnik.by

Скарнік – беларуска-рускі, руска-беларускі і тлумачальны слоўнік. Як сцвярджаецца на сайце, за аснову ўзяты акадэмічны слоўнік, які быў выпушчаны ў 1953 годзе, і над яго рэдакцыяй працавалі такія знакамітыя асобы, як Я. Колас, К. Крапіва і П. Глебка, і які затым некалькі разоў перавыдаваўся з выпраўленнямі і дадаткамі. Skarnik дапрацаваны з улікам сучаснай практыкі. Насамрэч, даволі зручны сэрвіс. Акрамя ўсіх варыянтаў слова вы можаце даведацца пра яго канчатак у множным ліку і род, а падчас і прыклады ўжывання або ўстойлівых словазлучэнняў з ім. Дарэчы, ёсць і аднайменнае мабільнае прыкладанне – даволі прыемнае, на мой погляд.

4. Slounik.org

Адразу можна заўважыць, што сайт грузіць вельмі павольна. Яно і не дзіва: вунь колькі слоўнікаў у базе.

Канешне, карыстацца ім не вельмі зручна, калі вам патрэбен хуткі пераклад. Але ён вам можа падабраць і эпітэты, і фразеалагізмы, і тлумачэнне, і ўсё на свеце.

Карацей кажучы, калі вам хочацца ведаць пра нейкае слова ўсё (напрыклад, калі вы рыхтуецеся да алімпіяды), гэты сэрвіс вам дапаможа.

5. Добрапіс

У Добрапісу ёсць тры функцыі: праверка правапісу (афіцыйнага і класічнага), канвертар лацінкі і пошук уласных імён у літаратуры, фільмаграфіі, гісторыі і г.д. І з усімі гэтымі функцыямі ён спраўляецца выдатна.

Яшчэ хочацца адзначыць, што сайт даволі мінімалістычны, усё адразу ж зразумела і – што таксама прыемна – няма рэкламы.

 

6. Corpus.by

Вельмі наварочаная прылада: як бачыце, тут ёсць функцыі для розных сфер дзейнасці. Калі адкрыць укладку “УСЕ”, то на экране змяшчаецца толькі дзявятая частка ўсіх магчымасцей. Другая справа, што шмат з іх у штодзённым жыцці вы выкарыстоўваць не будзеце з-за іх спецыфічнасці. Напрыклад, генератар інфармацыі аб сімвалах праз API ці канвертар азбукі Морзэ. Таму, калі вам патрэбна проста праверыць беларускамоўны тэкст на наяўнасць памылак, лягчэй скарыстацца іншым сэрвісам, чым шукаць сярод гэтага багацця патрэбную функцыю.

Вынік

Магу сказаць, што ўсе гэтыя тулсы могуць быць карысны і школьнікам, якім трэба пісаць сачыненні, і аўтарам беларускамоўных артыкулаў, і рэдактарам. Асабліва хочацца выдзеліць Добрапіс: ён мне здаецца самым зручным і дакладным. Але, як вядома, на густ і колер усе фламастэры розныя:)

 

Спасылкі на прылады:

 

 

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


dekabryonok

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *