Чым модуль данэйта можа быць карысны грамадскім арганізацыям. Частка 1. Тэхнічная.

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, магчымасці, праекты, прылады і вэбсэрвісы

Тыя, хто не адзін год задзейнічаны ў грамадскай дзейнасці, ведаюць, як часам складана знайсці грашовую падтрымку для добрай справы.

Вядзенне краўдфандынгавых праектаў на адпаведных пляцоўках, напісанне і рассылка «лістоў шчасця» з просьбай аб дапамозе па дзяржаўных і камерцыйных установах, наведванне шматлікіх сустрэчаў з патэнцыйнымі партнёрамі-ахвярадаўцамі, на якіх, нярэдка, збольшага збіраюцца такія ж «шукальнікі» – фандрайзінг, як і прыгажосць, ніколі не даецца лёгка.

Таму нават невялікія пастаянныя ахвяраванні па-за членскімі ўзносамі – тое, у чым мае патрэба любая арганізацыя. Восенню мінулага года каманда IT-валанцёраў «Лічбавай майстэрні» распрацавала адмысловы модуль, які ўжо зараз выкарыстоўвае сама і які ляжыць у адкрытым доступе на GitHub. Мне, як прадстаўніцы заўзятых гуманітарыяў, даўно карцела разабрацца ў тэхнічным і юрыдычным баках усталёўкі такіх модуляў (як, прыкладам, прыём данейта на Именах). Пачаць вырашыла з тэхнічнай часткі. Што атрымалася – глядзіце ніжэй.

Пашпарт аб’екта

Модуль данейта «Дойка»: праграмнае опенсорснае рашэнне для прыёма грашовых ахвяраванняў на рахункі грамадскіх арганізацый метадам эквайрынгу, альбо, кажучы прасцей – праз банкаўскія карткі.

Распрацоўшчыкі: каманда IT-валанцёраў «Лічбавай майстэрні», «Фаланстэр»

Мэтавая аўдыторыя: некамерцыйныя грамадскія арганізацыі, якія маюць грашовы рахунак і ўласны лэндзінг – мэтавую веб-старонку, якая ўтрымлівае інфармацыю пра арганізацыю.

Працоўныя плацёжныя сістэмы: Visa, Mastercard, БелКарт

Неабходная аперацыя перад усталёўкай: далучэнне рахунка да аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы «Разлік» .

Дзе шукаць: Модуль «Дойка» – doika_1.2 – знаходзіцца ў тэчцы «Лічбавай майстэрні» ў адкрытым доступе на і адкрыты для вольнага спампоўвання. Там жа – файл READ.md, у якім прапісана 9 крокаў па ўсталёўцы праграмнага рашэння.

У бліжэйшых планах каманды: адаптацыя модуля пад CMS, на якіх часцей за ўсё працуюць сайты (Drupal, WordPress).

Практычная карысць: пасля далучэння ў лютым модуля да сайта блога «Лічбавай майстэрні» ўжо сабраныя 700 BYN – 60% ад неабходнай сумы ў 1110 BYN для ўсталёўкі «Дранік-сервера» – грамадскага сервера, які, пры станоўчым завяршэнні краудфандынгу, стане бясплатнай пляцоўкай для сайтаў грамадскіх арганізацый, а таксама полем дзейнасці IT-валанцёраў.

Працоўныя моманты

Віктар Пяркоў, бэкэнд распрацоўшчык:
Модуль данейта зроблены на Laravel ў php. Усталяваць яго проста. Складанасці могуць узнікнуць толькі ў тым выпадку, калі зусім не ўмееш уключаць камп’ютар. Трэба проста паставіць тэчку з кодам у сябе на сайце, упісаць караценькі html-код – і ўсё будзе працаваць. Карацей, паглядзеўшы колькі простых ролікаў на YouTube – кшталту гэтага ці вось гэтага, і яшчэ вось тут на Jina – любы гуманітарый справіцца.

Святлана Коцікава, менеджар праекта:
З дапамогай модуля, акрамя непасрэдна сбора грошай, арганізацыі змогуць адсочваць плацяжы – ахвяраванні на той ці іншы праект, псіхалагічна ўплываць на патэнцыйных ахвярадаўцаў праз розныя «кошкі»: падпіскі, сертыфікаты «супер-ахвярадаўцы» і інш. У нас быў брэйн-шторм  з грамадскімі арганізацыямі, дзе мы сабралі іх прыблізныя пажаданні па працы модуля і, сыходзячы з іх, будавалі працу.

Міхаіл Волчак, ініцыятар праекта:
Спачатку мы планавалі стварыць модуль данейта для сайта сваёй арганізацыі, але паступова зразумелі – нам важна дзяліцца і эксперыментаваць. Таму мы размясцілі модуль у адкрыты рэпэзіторый, каб ім маглі карыстацца іншыя суполкі і паляпшаць сваё жыццё. Назва модуля «Дойка» падкрэслівае неабходнасць пошука рэсурса і яго акумуляцыі, сімвалізуе працэс нараджэння чагосьці. Дае магчымасць сабраць самае каштоўнае «малако» для дзейнасці арганізацыі і падтрымаць жыццё.

Меркаванні патэнцыйных карыстальнікаў

Алег Сiзонау, каманда «Крылья Ангелов» 
Размясціўшы гэты модуль на сваім сайце, арганізацыя атрымлівае магчымасць прыймаць ахвяраванні незалежна і на пастаяннай падставе. Гэта каштоўны дадатак да паслуг краудфаўндынгавых пляцовак, дзе існуе пэўны парог увахода праэкта і тэрміны вельмі абмежаваныя. І, галоўнае, модуль можа дапамагчы збіраць сродкі на найбольш складаную з боку фінансавання галіну – устаўную дзейнасць арганізацыі.

Руслан Ананьеў, ГА «Хрысціянская супольнасць дарослых і моладзі» (YMCA Беларусі)
Усталёўка модуля на сайт, акрамя пошука рэсурсаў – выдатны рух наперад. Насычаны дадатковымі прыладамі, сайт будзе выклікаць больш даверу збоку карыстальнікаў. Таксама модуль дапаможа пэўным чынам прыцягваць увагу збоку актыўных людзей, якія гатовыя ўкласціся не толькі грашыма, але і валанцёрскай дапамогай.

Дзмітрый Шыманскі, агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» 
Улічваючы тое, што колькасьць знешніх крыніцаў для фінансавання ўсё ж скарачаецца, я думаю, з цягам часу гэты модуль дазволіць прыцягваць досыць істотную колькасць фінансаў для дзейнасці грамадскіх арганізацый.

Планы на наступную сустрэчу

Па тэхнічных пытаннях, датычных усталёўкі модуля, заўсёды можна звяртацца да каманды «Лічбавай майстэрні». Што тычыцца пытанняў юрыдычнага характару – у сваім наступным матэрыяле планую размову з беларускім юрыстам, які падрабязна распавядзе пра юрыдычныя аспекты выкарыстання дадзенага праграмнага рашэння.
Калі вы таксама маеце пытанні да юрыста па тэме модуля данейта – пішыце іх ужо зараз у каментарах: я данясу іх да адрасата, і, такім чынам, наша размова можа атрымацца яшчэ больш карыснай і інфарматыўнай.

 

 

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


dvaretskaya
вандроўніца, журналістка, менеджарка культуры
and i want to touch another side, yep

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *