Квантавае навучанне: як навучаюцца супольнасці і чалавекі

Апублікавана

by — Posted in эксперыменты

Есць ідэя, што супольнасці (а таксама людзі) падобныя на малекулы і атамы. Перад тым, як чамусьці навучыцца, трэба затраціць на навучанне тону гадзін.

А потым у адзін дзень – оп, і група людзей ці асобны чалавек пераходзяць у іншую якасць – навучыліся!

Вельмі падобна атамы пераходзяць з аднаго энергетычнага ўзроўню на наступны, пры атрыманні энергіі.

Апісанне праблемы

Доўгі час мяне турбавала пытанне: як так, мне паўтараюць адную і тую ж інфармацыю, ці чытаю, сустракаю яе зноў і зноў, а асэнсаваць, паразумець, успрыняць і дзейнічаць згодна з ёй – не магу.

Таксама назірала супольнасці, якія сутыкаліся з новымі раздражняльнікамі, вывучаліся новым тэхнічным тулсам, новым метадам працы, метадалогіям і не ўспрымалі іх. Не змяняліся адразу ці не змяняліся ўвогуле.

Бывала, што праз нейкі час чалавек ці супольнасць людзей пераходзілі самі на новы ўзровень. І ўжо сваімі словамі тлумачылі тое, што бясконца доўга дагэтуль тлумачылі ім. Гэта скачок.

Усе мы крыху малекулы і атамы.. Вы які элемент?

Вялікі прарыў у атамнай фізіцы адбыўся напачатку 20 стагоддзя. Адна з важных тэмаў: доказ дыскрэтнасці значэнняў энергій атамаў. Гэта значыць, што атамы выпраменьваюць і паглынаюць энергію порцыямі (квантамі). Атам не можа атрымаць кавалак кванта, толькі цалкам.

Ну, і для кожнага атама патрабуецца свая порцыя энергіі – hv, каб перайсці на новы энергетычны ўзровень (дзякуючы Максу Планку мы гэта ведаем:).

Можна сказаць – адной суполцы спатрэбіцца колькасць энергіі – N, а другой – M. Магчыма, што колькасць энергіі залежыць і ад людзей, што ўтвараюць групу. І для кожнага чалавека – свая “энергія навучання”.

Капнём яшчэ глыбей у фізіку!

Падавалася б: куды ўжо глыбей, мо хопіць?! Нічога. Зараз разбярэмся!

Быў такі вопыт Франка і Герца, у якім гэтыя навукоўцы бамбардзіравалі атамы ртуці электронамі ўнутры электравакумнай трубкі. Давайце параўнаем гэты вопыт з атрыманнем ведаў. Электроны, скажам, нясуць энергію, інфармацыю, веды. Атамы ртуці – гэта супольнасці, людзі, хтосьці, хто ўспрымае новае.

Эксперымент выглядае так: спачатку электроны разганяюцца (прыкладаннем рознасці патэнцыялаў) у вобласці 1, затым яны сутыкаюцца з атамамі ртуці ў вобласці 2, і ў вобласці 3 прыкладзена запавольваючая рознасць патэнцыялаў (калі электроны пераадольваюць і яе, значыць, яны праходзяць увесь шлях ад катода да анода). І мы можам бачыць графік залежнасці сілы тока ад напружання.

Вольт-амперная характарыстыка супольнасці

Да нейкага адмысловага значэння напружання – ток узрастае. Адбываецца пругкае саўдарэнне электронаў і атамаў. Энергія атамаў не змяняецца. ( Параўнаем гэта з атрыманнем супольнасцю новай інфармацыі. Яна назапашваецца, і веды і досвед узрастаюць.)

Пры нейкім ключавым значэнні, для ртуці гэта 4,9 В, саўдарэнні становяцца непругкімі, што значыць, што атамам перадаецца энергія. ( Інфармацыя атрымана, але веды і досвед яшчэ не адрэфлексаваныя, не асэнсаваныя.)

Электроны, якія аддалі энергію, не далятаюць да анода. Крывая графіка рэзка ідзе ўніз. Адбываецца паглынанне энэргіі электронаў атамамі ртуці. ( Гэта – ўспрыманне, асэнсаванне, прымяненне ведаў. Гэта – практыка.)

Ток зараз значна ніжэй тока ў першым піку, але ен вышэй за пачатковае значэнне. (Гэты невялікі крок – рост, скачок. Колькасць перайшла ў якасць.)

Далей на графіку мы бачым, што пры значэннях напружання (энергіі) кратнай напружанню ў першым піку (4,9 В) будуць адбывацца падобныя скачкі.

Яны будуць адбывацца толькі калі напружанне ўзрастае. Інакш атамы застануцца на нейкім энергетычным узроўні. А калі растрацяць энергію, апусцяцца на ніжэйшы ўзровень. ( Можна сказаць, што адрэфлексаваны досвед, напрыклад, супольнасці можа быць запісаны ў кнігах, на сайтах. Гэты досвед, калі ён прымяняецца, паказвае “энергетычны ўзровень” супольнасці. Калі ж ён перастае прымяняцца, то супольнасць деградуе да узроўня з меншай “энергіяй”.)

Крыху вынікаў

Бывае, кажуць, “веды трэба ўдзёўбваць”. Ну, прама як у нашым эксперыменце з электронамі і атамамі ртуці. Пасля гэтага іх трэба неяк уладкаваць і яшчэ і прымяняць… але гэта іншая гісторыя.

Тэорыя атрымалася цікавая. Цяпер трэба паназіраць за ёй на практыцы – на супольнасцях і чалавеках.

Калі вы ўжо дзесьці бачылі тэмы, падобныя на гэтую (“квантавае навучанне” і ўсё такое), скідвайце ў каменты:)

 

Фота з Турніра Нефармалаў 2011 ад супольнасці Zabej.

Дзяліся:


entrapia on Flickrentrapia on Github
entrapia
entrapia on Flickrentrapia on Github
Дызайнерка, што візуалізуе кібер_мары.
Аматарка опэнсорсу, што каміціць па святах.
Выкладчыца фізікі, што верыць у другі закон тэрмадынамікі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *