Як мы пілоцім Doika. Аўтаномія.

Апублікавана

by — Posted in магчымасці, праекты, эксперыменты

У серыі допісаў “Як мы пілоцілі Дойку” я, капітан Дойка-каманды, распавядаю пра стварэнне модуля прыёма ахвяраванняў (далей, модуль данэйта, або проста Дойка) для сайтаў грамадскіх арганізацый.

Даведка.

Модуль данэйта – гэта праграмнае рашэнне на базе адкрытага і свабоднага кода, якое заклікана змяніць падыход беларускіх грамадскіх аб’яднанняў у зборы сродкаў на статутную дзейнасць, а таксама павялічыць іх патэнцыял і эфектыўнасць. Размешчаны на сваім сайце модуль дазволіць арганізацыям збіраць сродкі на свой рахунак метадам прамой аплаты па крэдытнай або дэбітнай картцы (эквайрынг), з мінімальнай колькасцю клікаў.

Як паўстала ідэя модуля данэйта? Як яна пачала ўвасабляцца ў рэальнасць? Як праходзіў першы пілот з гэтым праграмным рашэннем? Якія прылады мы выкарыстоўвалі, арганізоўвалі код? Як працавала каманда? І, наогул, якім планам мы кіраваліся? Пад канец я распавяду пра назву і лагатып, бо гэта асобнае пытанне, якое турбуе некаторых карыстальнікаў і, канешне, нашы планы. У падарожжа!

Першы допіс блога будзе прысвечаны ідэі і нашым матыватарам – каштоўнасцям.

Пачнем з самых агульных падставаў. Не сакрэт, што грамадскія арганізацыі маюць пастаянны дэфіцыт сродкаў на дзейнасць. Па-другое, некаторыя арганізацыі становяцца занадта залежнымі ад аднаго або некалькіх буйных фінансавых донараў. Па-трэцяе, краўдфандынгавыя пляцоўкі бяруць адсотак, што змяншае аб’ём рэальна атрыманых ахвяраванняў. Нарэшце, дагэтуль няма рашэнняў для грамадскіх арганізацый адаптаваных да беларускіх плацёжных сістэмаў.

Прэзентацыя адным з распрацоўшчыкаў, Віктарам, першай ітэрацыі “Дойкі”

Пасярэднікі

Варта адзначыць, што модуль данэйта “Дойка” мы задумалі з уласнай патрэбы. Нам не падыйшлі сучасныя краўдфандынгавыя пляцоўкі. Чаму?

Для шэрагу выпадкаў яны даюць кароткатэрміновы эффект, правяраюць вельмі абмежаваную аўдыторыю і, больш, ствараюць канкурэнцыю сярод сацыяльных праектаў. Канкурэнцыю, якая больш характэрна для рынкавых адносінаў камерцыйных суб’ектаў навязваецца грамадскім арганізацыям.

Іншымі словамі, пасярэднікі не культывуюць такія каштоўнасці як салідарнасць, узаемадапамога паміж камандамі ў шмат якіх выпадках. На пляцоўках больш адбываецца канкурэнцыя за рэсурсы каманд, якія хочуць зрабіць свой праект.

Вядома, гэтак паводзяць не ўсе праекты, але дух месца і культывацыя канкурэнцыі менавіта такая.

Інвестыцыі ў сваю супольнасць, медыя і інфраструктуру

З аднаго боку, каманды ўкладваюць шмат сіл, каб перацягнуць супольнасць на трэцюю пляцоўку для каротка тэрміновай выгады, а не інвестуюць у сваю інфраструктуру.

Такім чынам, калі высілкі каманды не атрымаліся паспяховымі, яна губляе шмат сіл на развіццё іншага рэсурса. Што застаецца ў ініцыятывы? Часта для невялікіх каманд вынікі могуць быць вельмі плачэўнымі: выгаранне, распад і т.п.

З другога боку, інвестуючы ў сваю супольнасць і прыхільнікаў, арганізацыя больш даследуе доўгатэрміновыя патрэбы сваіх мэтавых груп і стварае працяглы кантакт, нават пры магчымых складанасцях.

Выключаючы пасярэднікаў і інвестуючы ў сваю арганізацыю, эфект можа атрымацца не такі вялікі, як на краўдфандынгавых пляцоўках, але больш устойлівы і надзейны. Людзі будуць прывыкаць данэйціць непасрэдна арганізацыям, падпісвацца або чытаць навіны абранага накірунка, давяраць невялікім аб’яднанням.

Каманда другой ітэрацыі распрацоўкі модуля робіць рэтраспектыўны аналіз сумеснай працы, фота Entrapia

Магчымасці

Інтэграцыя модуля паскорыць перадачу сродкаў ад ахвярадаўцы да грамадскай арганізацыі, і не трэба чакаць месяц або два, а пасля час на перавод сродкаў з рахункаў пасярэднікаў.

Модуль Данэйта падштурхне арганізацыі больш і сістэматычна працаваць з іх колам прыхільнікаў для таго, каб тыя падтрымлівалі дзейнасць.

Арганізацыі будуць вучыцца развіваць сваю лічбавую інфраструктуру, тым самым павялічваючы свае кампэтэнцыі ў кіраванні сучаснымі тэхналогіямі і медыя. Таксама важна адзначыць, арганізацыі будуць развіваць дзейнасць (конкурсы, акцыі, праграмы) на сваіх пляцоўках.

Аўтаномія

Насамрэч свая інфраструктура, медыя, супольнасць, змяншэнне аб’ёма пасярэднікаў, стварае падставы для больш устойлівага самакіравання арганізацый, грамадскіх праектаў.

Урэшце з’яўляюцца суб’екты, якія не просяць у іншых буйных гульнёўцаў, а таксама вольны выпрацоўваць свае правілы і культываваць свае каштоўнасці. Праз такі механізм рэалізуецца не толькі разнастайнасць у грамадстве, але і каштоўнасць Фаланстэра (у тым ліку Лічбавай майстэрні) – аўтаномія.

Модуль данэйта – гэта наш эксперымент, які закліканы павялічыць суб’ектнасць і аўтаномію грамадскіх арганізацый.

Лагатып і назва модуля.

Вядома…

што ўсе прысмакі могуць працаваць, калі арганізацыя заклапоціцца менавіта супольнасным падыходам, будзе рэалізоўваць адкрытыя метады да працы, падвышаць давер да сваёй дзейнасці і яе карысць для грамадства. Ды і варта разумець, што модуль – гэта інструмент, які працуе толькі, калі вы не толькі жадаеце вышэй апісанага, але ўжо пачалі рэалізоўваць гэтыя прынцыпы.

Працяг будзе..

PS

Сімпатычна ідэя дэцэнтралізаванага данэйта? Мы пачынаем кампанію збору сродкаў на модуль “Дойка”.

 

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


ryzomych
рухавік і заснавальнік Фаланстэра. Цікаўлюся сацыятэхнікай, лічбавымі правамі і роварамі.

3 думак пра “Як мы пілоцім Doika. Аўтаномія.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *