У гэтым допісе распавяду, чаму мы абралі назву для модуля данэйта – Doika. Так, менавіта такі допіс адзіны правільны – Doika.
Змест
Doika здымае боль
У чэрвені я наведаў знаёмых у вёсцы Мархачоўшчына Стаўбцоўскага раёна і даіў карову Зязюлю. Вельмі інтымны працэс, дарэчы. Вядома, што калі карову не падоіш, ёй балюча. Дойка здымае боль. Варта адзначыць, што сам працэс даення сам па сабе не з лёгкіх.
Дзе аўтаматызацыю працы трэба пераасэнсаваць
Навык даення забываецца. І на вёсцы калі 20-30 год назад у сяле было з 150 хат, у статку было 150 і больш кароў. Рэдка хто не трымаў карову. Нават бабулі і дзядулі па 70-80 год праводзілі жыццё з буронкамі. Зараз сітуацыя іншая.
Вёска вымірае, але статак яшчэ радыкальней скарачаецца. Аўтаматызацыя працы на фермах робіць сваю справу. Зараз прасцей набыць малако ў краме, чымсьці весці гаспадарку для падтрымання жыцця скаціны. Нарыхтоўка кармоў, падсцілкі, рэгулярны выпас, чыстка хлява і канешне “дойка” патрабуюць волі і падтрымкі кантакта з іншым, але жывым арганізмам.
Малако жывіць жыццё і балансуе сувязі паміж донарам і рэцыпіентам
Вядома, што вынік “дойкі” – гэта малако. Малако дае жыццё і моц, жывіць развіццё кожнага.
Нам, з аднаго боку, як камандзе распрацоўкі модуля прыёма ахвяраванняў Doika, важна змяніць адносіны да таго, што грамадства, дапамагаючы грамадскім арганізацыям, робіць добра сабе. З другога боку, нам важна, каб самі грамадскія арганізацыі, якія доўгі час не залежылі ад грамадства (свайго кола падтрымкі), сфакусавалі свае узаемадзеянне з колам сваіх прыхільнікаў, гатовых ахвяраваць на дзейнасць.
Важна ўзнавіць разарваныя сувязі паміж тым, хто дае, і тым, хто бярэ. І працэс “дойкі” – гэта канцэнтраванае выражэнне такіх адносінаў. Толькі праз разуменне ўсіх прыступак, як назапашвання, так і здабычы малака, можа дадаць узаемнасці ў развіццё беларускага грамадства.
Таму назва Doika, лога і слоган “Трымай кантакт!” – індыкатары трансфармацыі
разумення важных адносінаў у грамадстве і набліжэння да каранёў. Яшчэ вернемся да каранёў.
Ёсць дзеяслоў Do – рабіць. Вырашаем задачу праз СПГС
У Doika ёсць дзеяслоў Do – рабіць. Гэта значыць, што мы абіраем актыўны пачатак. Наступная частка слова “Ika” – гэта назва рэдкіх, але аўтэнтычных моваў, якія аўтаномна існуюць і развіваюцца дзякуючы павазе сваіх супольнасцяў да традыцыяў і сваёй, хаця невялікай, але шаноўнай культуры.

Вы маглі даведацца ў папярэдніх пастах, што місія Doika – каб ініцыятывы і арганізацыі абапіраліся на кола прыхільнікаў у нашым грамадстве, на тых, каму яны дапамагаюць.
Вышэй абазначанае тлумачэнне – для эзатэрыкаў, якія маюць СПГС і пачнуць шукаць сэнсы нават там, дзе ўжо ўсё патлумачана. Таму Doika, значыць, “рабіць унікальнае”, у нашым выпадку, “ствараць і трымаць плённыя кантакты” – трымаць кантакт.
Да сваёй гісторыі, пераадольваючы “арганік фуд”, адзінкі і нулі
Усё ж яшчэ раз вярнуся да вытокаў. Дойка – гэта занятак спрадвечна беларускі. Як сялянская нацыя беларусы перажылі навалу, паўсталі і становяцца свабоднымі дзякуючы менавіта кантакту з прыродай і сельскай гаспадаркай. Хаця “віталюры”, “кароны” і “еўраопты” запаланілі ўсё “таннымі” прадуктамі, спадзеў на свой ураджай знаходзіцца яшчэ глыбока ў свядомасці нас.
Іншая тэндэнцыя паказвае, што на сёння сельская гаспадарка недаацэньваецца, асабліва ўрбанізаванай часткай насельніцтва, а яшчэ часцей успрымаецца выключна як крыніца спажывання толькі якаснай ежы (арганік фуд).
Doika дае погляд на сельскую гаспадарку як неад’емную частку горада, як яго пачатак. Бо іначай губляецца сувязь з крыніцай энергіі і людзьмі, якія яе ствараюць. Усё пераўтвараецца ў набор бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Расшчапляецца на формулы, якія можна прадставіць у лічбавым выглядзе адзінак і нулёў. Знікае ідэнтычнасць і ўнікальнасць.
Doika пераадольвае такі бяздушны кантакт і прымушае задаць пытанне грамадскімі арганізацыямі: чаму назва “Doika”?
І тут пачынаецца наша гісторыя, якая злучае гэтыя сэнсы.
Новыя гісторыі
Назва Doika нас натхняе. Прыводзіць у каманду новых валанцёраў і генеруе ідэі. Прыходзяць арганізацыі, якія хочуць усталяваць сабе такое рашэнне.
Так, мы хочам, каб выкарыстанне модуля прыёма ахвяраванняў Doika пачынала новыя гісторыі ў грамадстве, грамадскіх арганізацыях, ініцыятывах. Каб гэтыя гісторыі мелі цвёрды падмурак і кантакт з рэчаіснасцю. Такія кантакты, калі мы пазбаўляемся снабізму і будуем сталыя адносіны з тымі, хто нас падтрымлівае і дае сілы.
Трымай кантакт!
Выкарыстаны фота з Вікісховішча, Chec_saup, лагатып праспрацаваны разам з Entrapia
Цяпер, калі хто пытае пра “чаму Doika?”, я адразу кидаю спасылку на гэты пост :))) No comments