Фаланстэр – гэта я, або што такое самавызначэнне?

Апублікавана

by — Posted in інтэрв'ю

Упершыню я пачула слова “самавызначэнне” у Лятучым Універсітэце, калі хадзіла ў Школу Магістраў гульні. Не зразумела яго. Гэта быў 2015 год. У той год я наблізілася да метадалагічнай школы ЛУ, сапраўдных мысляроў нашага часу…

Надалей я зразумела, што “самавызначылася” ужо даўно. І менавіта шляхам да разумення я хачу падзяліцца. Я раскажу вам сваю гісторыю:)

Усё вельмі проста. Вось мая версія: самавызначыцца – гэта ўзяць адказнасць за сваё жыццё, самога сабе, свае думкі і выказванні, за сваю дарогу і свой лёс, за сваю гісторыю, за свае мары і будучыню. І дзейнічаць!

Калі ж казаць “самавызначыцца ў арганізацыі” – гэта знайсці свае месца ў арганізацыі, усвядоміць яго, узяць адказнасць за гэтае месца.

Як я прыйшла ў Фаланстэр

На 2 курсе (2008) мая аднакласніца Жэня пазнаёміла мяне з супольнасцю Забей. Мы прыйшлі на футбольны турнір на футбольную пляцоўку так званую “Каробку” на Пушкінскай. Дагэтуль я чула пра рабят, што ладзяць футбольныя турніры і выдаюць зін, але мне падалося гэта вельмі дзіўным: як гэта людзі бяруць і самі робяць?! На сустрэчу я прыйшла пазнаёміцца з дзяўчынай, што малюе, бо я самавызначала сябе як мастачку, і шукала асяроддзе творчых людзей.

Той самы дзень, калі я прыйшла на футбольный турнір дваровых камандаў Забей.

Пасля я пабачыла Міхася ў краме ў 2009, узгадала яго, і праз нейкі час ён запрасіў мяне на Кінабункер. Гэта быў паказ фільма П’ера Паала Пазаліні “Сала, альбо 120 дзён Садому” па кнізе Маркіза дэ Сада. Паказ адбываўся ў сапраўдным бункеры. Было вельмі атмасферна, і было нечакана пабачыць такую правакацыйную тэму. Тады я падумала: “Людзі, што ладзяць падобныя актыўнасці самі: футбол, зін, кінапаказы вострых фільмаў, упэўненыя ў тым, што яны робяць. Яны вельмі смелыя!”

Я пачала пакрыху дапамагаць. Мой узровень ведаў быў вялікі, але толькі ў матэматыцы, фізіцы і ў імёнах мастакоў ))) Мой узровень ведаў быў нулявы ў палітычнай, грамадскай, сацыяльнай, арганізацыйнай сферай. Было цяжка, таму што паміж мной і рабятамі-мысліцелямі з Забей, калумністамі зіна была значная розніца ў ведах.

Кульмінацыяй таго часу для мяне быў зімовы футбольны турнір 2009 года, што мы зрабілі ўтрох: Міхась, Марына і я. Футбольны турнір!!! Не ведаю, якія ў вас пачуцці, калі вы гэта чытаеце, але ўсвядоміць, што проста тры чалавека робяць турнір для соцень футбалістаў і зімой – гэта крута!

Мой першы вектарны дызайн афішы.

Гэтая “крутата” і ўсвядомленне прыйшло не адразу, а праз гады. А тады пасля турніру я сдулась, як мячык, і рэзка адышла ад справаў у абывацельшчыну: сябры, півасік, серыяльчыкі, расслабон… Што вы думаеце, праз некалькі месяцаў я засумавала… засумавала па актыўнасці.

Узімку 2010 я была рада паўдзельнічаць ва ўстаноўчым сходзе на стварэнне новай арганізацыі. Мы досыць доўга перапісваліся па мэйлу і абіралі назву. Гэта была ўжо не эпоха Забей: шмат людзей адышло. Гэта быў пачатак новай эпохі. Памятаю, што Сяржук прапаноўваў назву “Вір”, але назва “Фаланстэр” апынулася самай рамантычнай. А пасля гадзінамі і вечарамі 2011 я шукала падыходзячы шрыфт…

Самавызначэнне ў арганізацыі

У раннім Фаланстэры 2011 года я ўдзельнічала не шмат. У асноўным малявала плакаты для Кінабункера і футбольныя граматы для Турніра Пасіянарыяў.

І вось памятаю вельмі яскрава, як я званю Міхасю летам 2011 і кажу, што я гатова завярстаць брашуру “Дапаможнік актывіста”. І нават памятаю, што я адчуваю: што энергіі ў мяне досыць, яна не выкарыстоўваецца на карысць, і мне страшна, раптам у мяне не атрымаецца вёрстка… Але я хачу гэтай адказнасці, хачу падняцца на прыступак вышэй. І той страх завярстаць брашуру быў мацней за страх цяпер узяць цэлы новы праект (у якім і брашуры, і камунікацыя з людзьмі, і напісанне кіламетраў тэкстаў… і яшчэ мільён дэталяў). 

Так я ўзяла адказнасць за дызайн. Я самавызначылася як дызайнер Фаланстэра.

Drupal-camp. 2012. Аўтарка: Людміла Палаўнёва

Трэба дадаць, што нельга проста прыйсці ў Фаланстэр і стаць дызайнерам))) Каб рабіць не проста “прыгожы” дызайн, а “камьюніці” дызайн, дызайн “будучыні”, дызайн “мараў”, трэба ведаць матчастку: трэба прачытаць кнігі, якія натхнілі рабят у 2005-2011 рабіць футбольныя турніры, трэба раздзяліць з імі быт і пачаць падзяляць з імі лёс. Гэта і Маркіз дэ Сад, і Фрыдрых Ніцшэ, і Леў Гумілёў, і Рік Фальквінге… і шэраг сацыятэхнічных прац. І гэта, каб стаць добрым дызайнерам супольнасці. А як трэба вырасці, каб кіраваць праектамі!

У 2014 я ўзяла адказнасць за бюракратыю і штогадовыя справаздачы. Чалавек, які гэтым займаўся дагэтуль, сышоў. Хтосьці мусіў заняцца гэтай справай. Падумала, ну, што я не разбяруся?! – Разабралася!

Потым у 2014 я ўзяла адказнасць за другую частку праекту “Дапаможнік раварыста”. Тут было як раз усе, што я пісала вышэй: і камунікацыя з людзьмі, і вярстанне брашуры, і паездкі ў гарады з прэзентацыяй.

Прэзентацыя “Дапаможніка раварыста” у Гомелі. Аўтар: Дзяніс Лапухоў

У 2015 я праводжу клуб па вывучэнню свабодных графічных прыладаў Gimp і InkScape. І для мяне адбываецца каштоўнасны пераход: я пераходжу цалкам на лінукс. Таму што цяпер я магу рабіць дызайн у свабодных прыладах. А лінукс – гэта іншая інфраструктура, іншая пабудова сусвету! Цяпер я дызайнер у свабодных прыладах!

“Сачыце за рукамі”: самавызначэнне – гэта працэс. Стадыі ўзяцця адказнасці за самога сабе і сваю ролю ў арганізацыі будуць розныя ў залежнасці ад вашага досведу і арганізацыйнага.

“Фаланстэр галаўнога мозга”

Гэтую метафару, здаецца, прыдумала Ганка з фразы “актывіст галаўнога мозга”🙂

З супольнасці Забей я прайшла доўгі захапляльны шлях. У ім было ўсе: і шмат энергіі, і наадварот – заняпад. Радасць працы з неверагодна таленавітымі людзьмі, новыя праекты і вяршыні, і наадварот – стомленасць валанцёраў, непаразуменне, сыход пасярэдзіне праекта, шмат затрачаных сіл з мінімальным эфектам. Гэта мая школа, якая дапамагла мне стаць чалавекам.

Вікіманія 2016. Эсіна Ларыа. Аўтар: Міхаіл Волчак

Кожны праект – мой любімы па-свойму. З-за бана нашага футбольнага роліка з папулярнай музыкай на ютубе – нарадзіўся Пірацкі Цэнтр (2013). Ён быў адказам на пытанне інтэлектуальнай уласнасці, з якога ў 2014 вырас філіял Creative Commons (Градка) і змены ў закон Аб аўтарскім праве ў 2018. Мэш-сеткі (2015) паказалі, што супольнасці могуць ствараць і кантраляваць свой інтэрнэт. Лічбавая Майстэрня (2016-2018) – перадавала айці-веды грамадскім арганізацыям, тым самым узмацняючы грамадства…

На працягу 2017-2019 я факусуюся на дызайне сайтаў. Візуальна ствараю брэнд сацыяльнай гікавасці. Гэта і сайт ЛМ, і Градка, і потым Doika і Clubmate (Апошнія два сайты я сама сабрала на базе папярэдніх адкрытых напрацовак). Самавызначаюся як піяршчыца-інтравертка.

Калі з праектам Doika у прошлым годзе нас запрашаюць рабіць прэзентацыю нараўне з краўдфандынгавай пляцоўкай, за якой стаіць банк, – я разумею, што мы (Міхась, Віктар, Барыс, Алесь, Светы, Лёша, Насця, Ксюша, Сёма, Ілля…) хакнулі грамадства опэнсорсам. 

Цяпер я ўмею марыць вялікія мары!

Я самавызначаюся ў Фаланстэры: гэта мая арганізацыя, я будую яе. Гэта мая мара і позірк у будучыню. Я будую гэтую будучыню. Гэта мая гісторыя і я буду расказваць вам, што ёсць Фаланстэр. Я шукаю ўнікальных, крутых, шчырых, адказных людзей, каб раздзяліць з імі гэту гісторыю, каб працаваць з імі разам. Я не дасканалы чалавек, але я працую над сабой.

Пірацкі лагер. Берлін 2013. Аўтар: Лукас Марціні

Гэта такое шчасце – умець марыць! І здзяйсняць мары сусветнага маштабу. Гэта не проста арганізацыя, гэта не проста супольнасць, гэта не проста ідэя. Фаланстэр – гэта мост паміж чалавекам і Звышчалавекам. Так бы сказаў Заратустра;)

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


entrapia on Flickrentrapia on Github
entrapia
entrapia on Flickrentrapia on Github
Дызайнерка, што візуалізуе кібер_мары.
Аматарка опэнсорсу, што каміціць па святах.
Выкладчыца фізікі, што верыць у другі закон тэрмадынамікі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *