Анатомія Фаланстэра. Частка 1. Быт ці лёс

Апублікавана

by — Posted in гік-лікбез, сацыятэхніка, эксперыменты

10+ год практыкі грамадзскай дзейнасці дапамаглі мне стварыць ўласны падыход да разумення “супольнасці” і “арганізацыі”. У гэтым артыкуле тлумачу, як гэтыя два феномена спалучаюцца ў Фаланстэры.

Словы і “арганізацыя” і “супольнасць” выкарыстоўваюцца вельмі часта, але сэнс іх зараз даволі размазаны. Асабліва слова “супольнасці”. Таму і пачну з яго і апішу ў першай часцы артыкула, у другой, будзем праводзіць аналіз Фаланстэра з пазіцыі арганізацыі.

Быт і лёс

Глабальна ўсе супольнасці можна падзяліць на: тыя, якія 1) засноўваюцца на агульным быце, і 2) на агульным гістарычным лёсе.

Вызначу быт – як працэс, які ўключае ў сябе набор дзеянняў і прадметаў для забеспячэння намарлёвай жыццядзейнасці чалавека або групы людзей. Супольнасці быта можа ўключаць супольнасць места: (хакерспэйс, дачны кааператыў) і практыкі (лінукс супольнасць – лічбавы быт).

З гістарычным лёсам больш складана даць вызначэнне. Вядома, можна кіравацца энцыклапедычным. Лёс азначаецца наборам прадвызначаных падзеяў і абставінаў, якія вызначаюць накірунак жыцця чалавека або групы. Хаця гэта робіць групу аб’ектам (пра суб’ектнасць трохі ніжэй), усё ж для выкладання майго практычнага досведу, найбольш пасуе. Бяру гэта тлумачэнне лёсу.

Да супольнасцяў лёсу ў пэўным сэнсе можна аднесці тэматычныя калектывы (даследчыкі космасу), арганізацыі з доўгай гісторыяй (урачы, вайскоўцы), палітычныя партыі і грамадскія рухі (асабліва іх ядро).

Але, як правіла, супольнасці лёсу і быту перасякаюцца. Напрыклад, супольнасць, якая жыве ў вёсцы Застружжа – гэта мясцовая супольнасць. Яна больш засноўваецца на агульным быце, месцы. Людзі дапамагаюць адзін аднаму пабудаваць дом, сабраць ураджай. Іншы прыклад, супольнасць студэнтаў, якія “аб’ядналіся” падчас навучання ва ўніверсітэце маюць, як агульны лёс (здача экзаменаў, блізкія прафесіі, сустрэча каханых), так і блізкі быт, асабліва той, хто жыве ў інтэрнаце.

Існуе таксама грамадзянская супольнасць. Адкуль тут ногі растуць? Хаця грамадзянская супольнасць – гэта набор вельмі розных людзей з розным бытам і тым больш лёсам, але яны маюць адзін прадмет – гэта грамадства (яго агульную гісторыю), у якім ім прыходзіцца прыбываць, вырашаць той ці іншы шэраг праблемаў. Гэта супольнасць лёсу.

Вось і падабраўся да свайго прыкладу. Пачну з гісторыі і буду збіраць усе кампаненты супольнасці і арганізацыі адзін за адным.

Ад Забей да Фаланстэра. 

Субкультура

У далёкіх 2006-2009 гадах мне былі вельмі блізкія ідэі стварэння субкультуры, якая б магла культываваць адпаведныя паводзіны вакол грамадскіх праектаў (вырошчванне адзінадумцаў), якімі плотна займаўся. Вось прыняццё гэтай субкультуры і было ў пэўным родзе для мяне індыкатарам поспеху.

(Суб)культура – гэта устойлівы набор маральных і візуальных шаблонаў (нормаў і прынцыпаў), якія мы культывуем унутры групы, а таксама “накладаем” на рэчаіснасць. Субкультура дае рамкі, праз якія група людзей інтэпрэтуе (“накладае”) іншыя падзеі і з’явы на свой сведапогляд.

Яшчэ да 2010 году, калі мы ладзілі турнір дваровых каманд (назвы “Турнір Забей”, “Турнір пасіянарыяў”, “Турнір Нефармалаў”). Адначасова я рабіў diy-часопіс (назва “Забей”), у якім апісваў сваё бачанне супольнасці (камбінаванне ведаў пра іншых і пра сваю дзейнасць).

Мы назвалі яе тады – Забей супольнасць. Яна аб’ядноўвала людзей, якія рабілі зін, арганізоўвалі турнір, яшчэ шэраг асветніцкіх маладзёжных праектаў. У нейкі момант (канец 2009 года) канешне мы ўсё стаміліся ствараць супольнасць. Я пераключыўся на стварэнне арганізацыі (іншымі словамі, транслятара) з новай назвай і канешне новай супольнасцю.

Жыццёвы цыкл супольнасці

Так узнікла арганізацыя Фаланстэр, мэта якой – сацыяльныя навацыі. Дакладна я разумеў, што мне цікава канструяваць супольнасці: ствараць, уздзейнічаць на іх развіццё. Карацей мяне цікавіў тады і цяпер увесь цыкл жыцця супольнасцяў. Для таго каб гэта развіццё было накіраваным, мне прыйшлося вучыцца кіраваць ім. Лідэрскія якасці і нейкая практыка нізавой арганізацыі меліся ў наяўнасці, гісторыя пачалася.

Цыкл жыцця супольнасці – гэта пэўная логіка развіцця калектыва(групы), прадвызначаная біялагічнымі і сацыяльнымі законамі, якія уплываюць, на яе ўзнікненне, станаўленне, развіццё і знікненне. (Пра гэты феномем у Забей і Фаланстэры будзе асобны пост).

Дык вось чаму ж на ніве актыўнасцяў супольнасці Забей, а гэта 2006 – 2010 гады, узнікае арганізацыя? У розныя часы маё тлумачэнне не стаяла на месцы і развівался: больш магчымасцяў, больш уплыву, больш канцэнтрацыі рэсурсаў, больш прызнання, больш сур’ёзнасці. Але, заставалася адзіная пастаянная, бо сама арганізацыя ёсць выклік і суб’ект. Пра гэта дэтальней ніжэй.

Суб’ектнасць

Сама арганізацыя можа быць мэтай для супольнасці, якая імкнецца не толькі стаць заўважнай, але стаць часткай грамадства і выпрацаваць уласную ўнутраную дасканаласць – суб’ектнасць.

Суб’ектнасць – гэта здольнасць індывіда (групы) самастойна успрымаць рэчаіснасць і прымаць аўтаномня рашэнні датычна свайго узаемадзення з гэтай рэчаіснасцю.

Тут зноў жа вярнуся – да культуры. Нам важна не проста атрыбуты арганізацыйнай культуры, а субкультуры. Значыць устолівай з’явы, якая можа існаваць доўгі час і прадукаваць творчыя імпульсы, якія адказваюць на знешнія і ўнутраныя выклікі. Але ні субкультура, ні супольнасць не стваралі суб’ектнасці калектыўнай. Яе магла стварыць толькі арганізацыя.

Ідэнтычнасць

Я ўжо ўзгадваў субкультуру, якую мы выкарыстоўвалі як падумарак для пабудовы ідэнтычнасці і на раннім этапе супольнасці.

Ідэнтычнасць – гэта ўстойлівае разуменне прыналежнасці асобы(групы), да нейкай групы (субкультуры, супольнасці) праз агульную, этыку, мараль, традыцыі, эстэтыку.

Асоба, якая падзяляе тую, ці іншую ідэнтычнасць можа быць не звязана арганізацыйнымі сувязямі, але так ці інакш мультуплікуе нормы субкультуры, якую зразумела і прыняла, праз свае паводзіны (штодзённы выбар). Галоўная яе асаблівасць тое, што гэта асоба прытрымліваецца пэўнага слоўніка і сваёй (сама)назвы.

Як у першай (Забей), так і ў другой (Фаланстэр) спробе будаваць супольнасць, прысутнічала ідэнтычнасць. Калі ў Забей, напрыклад, удзельнік, саўдзельнік, або забеевец. У Фаланстэры мы спачатку карысталіся фалангіст, валанцёр (!), але ўрэшце перайшлі да сацыяльнага гіка і сацыятэхніка. Такім чынам, мы вельмі актыўна карысталіся інструментам ідэнтычнасці для ўзмацнення сваёй суб’ектнасці.

Саманазыванне – гэта канструяванне ідэнтычнасці.

Што ж уключала ў сябе ідэнтычнасць? З майго гледзішча тады ідэнтычнасць уключала ў сябе: 1. эстэтыку (Забей), 2. шаблоны паводзінаў (Фаланстэр), 3. веды (Фаланстэр), 4. перакананні (Забей, Фаланстэр). Ідэнтычнасць будавалася для таго, каб выдзеліць сябе з агульнай масы грамадзян. У пэўным сэнсе пабудова мяжы давала магчымасць мысліць і дзейнічаць свабодна, не звязваючы сябе “акадэмінчымі стандартамі”, або “прафесійнай этыкай”.

Мы візуальна або этычна рабілі такія намаганні. Але візуальнага (атрыбутыка) было недастаткова, а этычнае (змена паводзінаў) буксавала. Навошта гэта выдзяленне, вы прачытаеце далей.

Насамрэч гэта вельмі амбітная задача – пабудова супольнасці.

Мы падыйшлі да “слоўніка”.

Наратыў і слоўнік

Мы развівалі свой слоўнік і разам з гэтым і свой уласны наратыў. Вядома – гэты працэс не скончаны. Але гісторыя (наратыў) Фаланстэра замацоўвае ідэнтычнасць яго ўдзельнікаў. Нават, калі яны яшчэ сваю назву (сама)абіраюць.

Наратыў – гэта звязнае (эмацыянальна, казуальна) жыццяапісанне суб’екта, раскрываючае як факты, так і адносіны суб’екта да іншых суб’ектаў і асяродку.

Насамрэч свой наратыў вельмі важны для любой нават вельмі малой супольнасці, таму што ён дае магчымасць выйсці за межы стандартных (агульнапрынятых) вызначэнняў і пачаць развіваць свой дыскурс. Напрыклад, свой спосаб вырашэння грамадскай праблемы, або сваё бачанне праблемы і мэты – часта ілюзорнай (напрыклад, усе гарадскія бадзячыя жывёліны павінны жыць і мець гаспадара), але ачароўваючую (напрыклад, мы ў Фаланстэры лічым, што за грамадскія грошы павінны стварацца праграмы ў грамадскім кодам). Ілюзорнасць (недасягальнасць) мэты – гэта нармальна і часта патрэбна.

Агульны слоўнік, на мой погляд, – гэта адзін з цэнральных падыходаў (атрыбутаў), які неабходны, каб утварылася супольнасць. Тэма слоўніка – гэта асобны пост. Тут закрану толькі аснову.

Па-першае, слоўнік Фаланстэра складаўся з тэрмінаў супольнасцяў, з якімі мы працавалі (айці, роварная, лінгвістычная, мясовыя, каляфубольная, універсітэцкія, філасофскія, урбаністычная, метадалагічная, антрапалагічная супольнасці).

Па-другое, слоўнік фарміраваўся актыўнасцямі, якія мы рабілі самі (Вікіфікацыя, Улазіны, Гумус, Doika, Лічбавая майстэрня, Культывацыя, Інструмент удзелу, Мапа). Кожная з гэтых актыўнасцяў выпрацоўвала свой наратыў, ужо інсуючым словам надаваўся новы, перажыты ўдзельнікамі, сэнс. Дарэчы, свой наратыў – яскравая прыкмета супольнасці агульнага лёсу.

Па-трэцяе, слоўнік фарміраваўся ўласнымі тэрмінамі (сацыяльны гік, сацыятэхнік) і тымі дысцыплінамі або аўтарамі (кнігамі), якія мы закладалі ў аснову нашага светаплогляду. Што найбольш важна, новыя вызначэнні фарміраваліся вакол перасячэння ўсіх дысцыплін і нашай штодзённай практыкай. Як вынік у нас пачаў афармляцца свой светапогляд (мараль, каштоўнасці у практыцы і бачанні), які зараз знаходзіцца на шляху фарміравання.

Падсумую. Тэму ўласнага слоўніка супольнасці складана пераацаніць.

Працяг рыхтую…

Калі вы знайшлі памылкі, калі ласка паведамьце нам гэты тэкст, націснуўшы Ctrl+Enter.

Дзяліся:


ryzomych
рухавік і заснавальнік Фаланстэра. Цікаўлюся сацыятэхнікай, лічбавымі правамі і роварамі.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *